Дзяржаўная ўстанова «Дзяржаўны мемарыяльны комплекс „Хатынь“»

Мемарыяльны комплекс «Хатынь» — святыня нацыянальнай памяці — унікальны тым, што ўшаноўвае памяць аб жыхарах Хатыні, жыхарах соцень спаленых беларускіх вёсак і мірных людзей, знішчаных нацыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 22 сакавіка 1943 г. гітлераўцы спалілі в. Хатынь і 149 яе жыхароў, з іх — 75 дзяцей. У студзені 1966 г. ЦК КПБ прыняў рашэнне аб стварэнні мемарыяльнага комплексу «Хатынь». Адкрыццё адбылося 5 ліпеня 1969 г. Комплекс складаецца з асобных элементаў. У цэнтры — бронзавая скулыітура «Няскоранага чалавека», побач — сімвалічны дах пуні, у якой зажыва спалілі людзей. На брацкай магіле — «Вянок Памяці». На месцы кожнага з 26 спаленых дамоў — помнік-зруб з абеліскам у выглядзе коміна, на якім змешчана мемарыяльная дошка з імёнамі загінуўшых жыхароў дома. Абеліскі ўвенчаны званамі. Адзіны ва ўсім свеце «Могільнік вёсак»: 185 урнаў з зямлёй вёсак, спаленых разам з жыхарамі і не адноўленых. «Мур памяці» — помнік усім жыхарам Беларусі, незалежна ад нацыянальнасці ці веравызнання, якіх знішчылі нацысты. Вечны агонь і тры бярозы сімвалізуюць памяць аб кожным чацвёртым жыхары Беларусі, які загінуў у гады вайны. 

Дзяржаўны мемарыяльны комплекс «Хатынь» мае філіялы: мемарыяльныя комплексы «Курган Славы» і «Дальва».